У Санкт-Пецярбургу беларусы ўдзельнічаюць у набажэнствах на роднай мове
Вернікі грэка-каталіцкай парафіі святых Кірыла і Мятода ў Санкт-Пецярбургу памалились 10 мая за ахвяр Другой сусветнай вайны і сталінскіх рэпрэсій. У Левашоўскай пусташы – мемарыяльных могілках, дзе пахаваны каля 45 тыс. чалавек, яны ўзгадаюць і загінуўшых беларусаў. І гэта не выпадкова, бо каля 20 вернікаў грэка-каталіцкай парафіі – з Беларусі. Некаторыя прыехалі ў паўночную сталіцу Расіі яшчэ ў савецкія часы, іншыя – не так даўно на заробкі або вучыцца. Для агульнай малітвы быў абраны час пасля 9 мая, Дня Перамогі, і напярэданні Дня ўспаміну памерлых – Раданіцы, якая прыпадае ў гэтым годзе на 14 мая.
Пробаш парафіі – айцец Кірыл Міронаў – таксама звязаны з Беларуссю, ён год служыў тут пад кіраўніцтвам архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў. “Дзякуй Богу за духоўны вопыт, які я атрымаў пры знаёмстве з Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквой. Традыцыі і духоўнасць гэтай памеснай Царквы (вельмі невялікай) дапамаглі мне асэнсаваць многія пытанні, знайсці адказы на іх. Цяпер, як мне здаецца, Бог заклікае мяне дапамагчы вернікам-беларусам, якія жывуць у Санкт-Пецярбургу. Нібы Езус Хрыстус спецыяльна падарыў мне гэты досвед, каб я нёс гэтае служэнне”, - адзначыў святар у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.
А з пачатку гэтага года ў грэка-каталіцкай парафіі Санкт-Пецярбурга з’явіліся і беларускія набажэнствы. Для вернікаў-этнічных беларусаў важна мець частку радзімы і магчымасць маліцца на роднай мове. Для пробашча айца Кірыла – гэта магчымаць разбурыць стэрэатыпы пра беларускую культуру і традыцыі. З кожным разам на беларускую службу збіраецца ўсё больш людзей.
“Для вернікаў нашай парафіі – рускіх і ўкраінцаў – гэты вопыт вельмі карысны. Нажаль, вельмі распаўсюджаны стэрэатып рускіх у адносінах да культуры беларусаў і ўкраінцаў, што гэта нешта другаснае, залежнае ад рускай культуры. Гэты стэрэатып перашкаджае хрысціянскай любові, ён ідзе супраць праўды Божай. Неабходна вялікая праца, каб разбурыць гэты стэрэатып. Сама Грэка-Каталіцкая Царква мае сваёй мэтай пераадоленне расколу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Цэрквамі. Сапраўдны экуменізм пачынаецца тады, калі бачыш, што твой брат у парафіі, які мае іншыя гістарычныя карані або іншую мову, таксама любы сын Бога, як і ты”, - падзяліўся айцец Кірыл. Менавіта тады, лічыць святар, хаця б у межай адной парафіі, і пачнецца выкананне галоўнай запаведзі – “палюбі бліжняга, як самаго сабе”.
http://be.radiovaticana.va/news/2013/05/09/%D1%83_%D1%81%D0%B0%D0%BD%D0%...
- Войдите на сайт для отправки комментариев