У Пецярбургу пачаліся набажэнствы на беларускай мове
У нядзелю, 10 сакавіка, ў Санкт-Пецярбургу ў касцёле Ўспення Найсвяцейшай Дзевы Марыі пачаліся набажэнствы на беларускай мове. Пасля вялікага перапынку правядзенне Боскай літургіі па-беларуску стлала магчымым дзякуючы высілкам некалькіх энтузіястаў-беларусаў і патрымцы пецярбургскга грэка-каталіцкага сьвятара айца Кірыла. На ўрачыстай падзеі прысутнічала блізу 16 вернікаў, якія палымяна ўзносілі свае сэрцы ўгору да Госпада і з надзеяй прамаўлялі: “Госпадзі, змілуйся!”
Службу годна аздобілі вядомыя духоўныя гімны “Магутны Божа” і “Дай добры Божа”, праспяваныя паспалітай грамадой на пачатку і прыканцы літургіі. Разам з вернікамі гімны выконваў прафесійны спявак Лявон Габрусёнак (клуб “Беларусы Пецярбурга”).
Айцец Кірыл пад час пропаведзі акцэнтаваў увагу на нядзельным чытаньні, прысвечаным апошнім часам кожнага чалавека. Ён таксама не прамінуў падкрэсліць, што царква мусіць арганічна ўпісвацца ў той культурны і нацыянальны кантэкст, у якім знаходзіцца, і больш за тое – спрыяць развіццю і ўдасканаленню нацянальных каштоўнасцяў народа.
Ідэя беларускай літургіі ня новая. Некалькі гадоў таму ў тым самым храме служылася Святая імша па-беларуску ксяндзом Сяргеем Сурыновічам, але пасля яго ад’езду справа заціхла. Аднак у такім горадзе з беларускімі каранямі, як Санкт-Пецярбург, павінна гучаць малітва на мове Яна Баршчэўскага, напісаўшага тут свайго вядомага «Шляхціча Завальню» і а.Антона Неманцэвіча, які нарадзіўся ў паўночнай сталіцы Расеі і спрычыніўся да развіцця Уніі.
Вернікі спадзяюцца, што роднае слова ў царкве спрычыніцца да абуджэньня веры і нацыянальнае самасвядомасці той часткі беларусаў, якія былі адарваныя ад карэнняў на Бацькаўшчыне, а таксама паслужыць дадатковай падставай для згуртаваньня і развіцця сяброўскіх адносінаў паміж суродзічамі.
Пасьля Літургіі вернікі з пастырам ўрачыста праспявалі акафіст Багародзіцы, таксама па-беларуску. Наступая беларуская служба па дамоўленасці з настаяцелем пройдзе ў сярэдзіне красавіка пад час Вялікага посту.
http://belspb.info/u-petsyarburgu-pachalisya-nabazhenstvyi-na-belaruskay...
- Войдите на сайт для отправки комментариев